Ліпеньскі дзень пераваліў за палову. Агністыя промні растопленым золатам ліліся з нябёсаў. Дзед Мікіта драмаў у цяньку вялізнай яблыні, якую, па-добраму, трэба было б спілаваць, але не падымалася рука, бо садзіў дрэва яшчэ бацька. У садзе было ціха, толькі пчолы з мухамі разносілі у паветры сваё бясконцае «дз-з-з» ды шабуршэў лістотаю вецярок.
— Мікіта! Мікі-іта! — нягучна аклікнуў дзеда жаночы голас.
— Ды чаго ўжо табе, старая! Спакою не дасі, — прабурчэў ён у адказ, узняўшы галаву.
Так, гэта была старая. Толькі не ягоная Адэля. Высокая постаць, доўгі белы балахон. І яшчэ даўжэйшая, вялізная каса. Не на галаве, вядома, а ў руцэ. Смерць глядзела на дзеда пустымі чорнымі вачніцамі і нібыта ўсміхалася.
— Годзе ужо спаць, Мікіта. Збірайся. Пойдзем. Там дасніш.
— Ты? Ізно-оў? — дзед нечакана выбухнуў злосцю. — Ды каб на цябе трасца з халераю, дакука ты пякельная, ходзіш да мяне і ходзіш, каб цябе ні донца, ні пакрышкі!
— Дзядуля, табе мо галаву напякло, бо верзеш невядома што — з'едліва-спачувальным тонам прамовіла Смерць. — Гэта ваша балбатуха-суседка можа завітаць і па дзесяць раз на дзень. А я двойчы не прыходжу.
— Угу. Іншаму каму кажы, а я тваю мярзотную пысу бачыў не раз, — сплюнуў ад агіды дзед. — Калі мне пры народзінах пупавінаю шыю абкруціла, хто побач стаяў, чакаў, пакуль задыхнуся? А калі ў дзяцінстве з моста скокнуў і пад вадою мне нагу звяло — хто са дна рэчкі мне ў твар усміхаўся, вось гэтак жа нахабна? А калі ў шостым класе пнеўманію падхапіў — ці не ты каля ложка сядзела?
— Ты што сабе дазваляеш, старэча? Блёкату аб'еўся? — апамятаўшыся, перайшла ў наступ Смерць. — Забыўся, нікчэма, хто я і хто ты?!
Яна паспрабавала замахнуцца касою, але Мікіта схапіў яе за касцяную руку.
— А ну чакай! Бач ты, ніякае павагі да ўзросту, нават сказаць не дае. Калі я ў войску служыў, і гэты псіх Пятро ўчыніў страляніну ў каравулцы, а потым сам застрэліўся — ці не твой балахон там недзе ў хмызняку мільгаў? А што куля мне з правага боку ў грудзі ўвайшла — тое ўжо ніяк не твая заслуга. І калі перад сынавым вяселлем нейкі п'янтос па сустрэчнай паласе на нас ляцеў — хто ягоным стырном круціў? Зноў не ты? І інфаркт мне ў мінулым годзе таксама не ты зладзіла? У вочы мне глядзі — і ён, сарваўшы капялюш, гнеўна зазірнуў у пустыя вачніцы. — Вось ужо хлуслівая шкілеціна. Ніякага гонару.
Выгаварыўшыся, Мікіта дастаў цыгарэту. Смерць маўчала. Не спяшаючыся, ён дапаліў да канца, а потым міралюбна сказаў:
— Ну дык пойдзем ўжо, ці што? А то старая мая хутка вернецца...
Только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.
Если вы используете ВКонтакте, Facebook, Twitter, Google или Яндекс, то регистрация займет у вас несколько секунд, а никаких дополнительных логинов и паролей запоминать не потребуется.