Стаяў некалі горад, шэры-шэры, бы смутак. І жылі ў ім людзі. Не добрыя і не дрэнныя, а так — ніякія. Уначы гэтыя людзі запальвалі ліхтары, і тады на чорную раку, у якой цякла ртуць, падалі водбліскі фальшывага золата.
У горадзе ніколі не было сонца. А калі і было, то нейкае туманна-белае. Непрыгожае.
Дык вось, жыла калісьці ў шэрым-шэрым, бы смутак, горадзе дзяўчына з вачыма колеру нябёсаў, якіх шэры горад ніколі не бачыў, і валасамі колеру агню, які горад замяніў халодным белым электрычным святлом. І імя той дзяўчыны было Мара.
Аднойчы, як і заўсёды, у шэрым-шэрым горадзе ішоў дождж. Дробны-дробны, і быў ён як павуцінне. Непрыемны дождж. Ішлі па мокрай вуліцы людзі — ні добрыя, ні дрэнныя. Ніякія і абыякавыя. І яшчэ ішла яна. Дзяўчына з вачыма колеру нябёсаў. І ў руках яна трымала галінку пахучага бэзу. І было дзіўна, што такія пахучыя, ружова-сінія кветкі яшчэ існуюць недзе ў свеце і ў шэрым, бы смутак, горадзе.
А дзяўчына, імя якой было Мара, прынесла кветку ў свой клас і паклала ля сябе на стале. Акуратна адламала маленькую галіначку і ўпляла ў валасы колеру агню. Усміхалася.
Да яе падышлі хлопцы. Не добрыя і не дрэнныя. Дурныя, як шчанюкі.
— А ты што ж гэта занявесцілася, Мара? — паказаў першы ёй язык і ўзяў кветку з валасоў колеру агню.
— Твае кветкі пахнуць мылам, — скрывіўся другі, узяўшы са стала духмяную галінку.
— І наогул у іх непрыгожы колер, — дадаў трэці, забраў бэз і выкінуў у смецце.
Мара нічога ім не адказала. Але вочы колеру нябёсаў пацямнелі.
З той пары, каліў шэрым, бы смутак, горадзе пачынаў цвісці бэз, дзяўчына, імя якой было Мара, абыякава праходзіла далей. Пакрысе згаслі вочы колеру нябёсаў, якіх гэты горад ніколі ўжо не ўбачыць. І аднойчы дзяўчына пафарбавала валасы колеру агню ў мёртвы белы колер электрычнага святла.
І перастаў цвісці бэз у шэрым-шэрым, нібы смутак, горадзе.
Только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.
Если вы используете ВКонтакте, Facebook, Twitter, Google или Яндекс, то регистрация займет у вас несколько секунд, а никаких дополнительных логинов и паролей запоминать не потребуется.